Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Сойка звычайная

Экспанат: Сойка звычайная

Сойка звычайная - птушка роду соек сямейства крумкачовых атрада варабьінападобных. Лацінская назва - Garrulus glandarius. Распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, Заходняй Еўропы, Малой Азіі і часткі Цэнтральнай Азіі, на Далёкім Усходзе і ў краінах Індакітая. Засяляе лясы ўсіх тыпаў, але найбольш шматлікая ў шыракалістых і іглічна-шыракалістых лясах з багатым падлескам. Сустракаецца таксама ў лесапаркавай зоне гарадоў. Лад жыцця - аселы або вандроўны.

Пазнаць сойку не цяжка - убачыўшы хоць раз яе рудавата-бурае апярэнне ў спалучэнні з блакітнымі ў чорную і белую палоску крыламі, і хохлік на галаве, які ўздымаецца пры адчуванні небяспекі, забыцца ўжо складана. Нават сама назва "сойка" - памяншальная форма ад стараславянскай назвы гэтай птушкі "соя", роднаснаму дзеяслову "ззяць", і дадзена за яркае апярэнне.

Крык сойкі - рэзкае "дчээ-дчээ" і бразгочучае "піррь". Песня - набор рэзкіх гукаў і перайманняў ад іншых відаў птушак. Акрамя таго, сойка лёгка навучаецца пераймаць любыя гукі, ад чалавечага голасу да груку сякеры.

Дарослыя птушкі маюць рост 15 см і даўжыню з хвастом 25-40 см; вага - 150-200 грам. Віць гнёзды ў густых хмызняках, на бакавых галінках дрэў або зрэдку ў дуплах яны пачынаюць у красавіку-траўні, 5-7 птушанят выседжваюць абодва бацькі. У чэрвені маладыя сойкі ўжо вылятаюць з гнязда, але працягваюць жыць са старэйшымі да восені.

У плане харчавання сойкі не абмяжоўваюць сябе ў прыхільнасцях - ўжываюць і раслінную ежу (жалуды, арэхі, ягады чарніцы і дурніцы, насенне лясных раслін), і жывёльную (казуркі, дробныя грызуны, яшчаркі, жабы). Не адмовіцца сойка спустошыць гнёзды больш дробных птушак, паласавацца яйкамі ці птушанятамі.

У вясновы і летні час ежа соек пераважна казуркі, прычым у значнай часткі шкоднікі: майскі жук, жук-вусач, шашолкі, лістагрызы, гусеніцы шаўкапрадаў, і інш. Садоўнікі і агароднікі, зрэшты, недалюбліваюць гэтую птушку за перыядычныя набегі за вішняй, гарошкам, памідорамі і г.д.

На зіму, пры добрым ураджаі, сойкі робяць вялікія (да 4 кг) запасы жалудоў. Прычым калі іх канкурэнты - вавёркі і лясныя мышы - хаваюць свае заначкі ў 30-40 метрах ад месца збору, то птушкі звычайна ладзіць іх метрах у трахстах, звычайна ў маладым ельніку або сярод соснаў. За два месяцы (верасень-кастрычнік) адна сойка можа зрабіць да 2500 схованак. Так як далёка не ўсе запасы знішчаюцца за зіму (калі выпадае снег больш за 20-25 см, птушцы да іх проста не дабрацца), сойка такім чынам спрыяе распаўсюджванню дуброў.