Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Птушка 2018 года - шчыгел"

Шчыгел вачыма дзяцей! 
Запрашаем на выставу!
Прыходзьце палюбавацца самымі яркімі працамі ўдзельнікаў конкурсу “Чым шчыгел снедае?” і даведацца, якая птушка стане сімвалам наступнага года!
31 кастрычніка а 14-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея «Музей прыроды і экалогіі» ў Мінску па адрасе вул. К. Маркса, 12 адкрыецца выстава дзіцячага малюнка, прысвечанага птушцы 2018 года. 
Наталля Саракавік, спецыяліст па кампаніях і акцыях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:
“У АПБ ужо склалася добрая традыцыя праводзіць выставы дзіцячага малюнка, і ў “Музеі прыроды і экалогіі” заўсёды радыя нас прыняць, бо і дзецям, і бацькам гэта цікава. Нашы конкурсы малюнка маюць пэўную тэму, і сёлета дзеці адказвалі ў малюнках на пытанне “Чым шчыгел снедае?” Мы ацэньвалі не толькі прыгажосць малюнка, майстэрства ці арыгінальнасць, але і біялагічную дакладнасць. Можна сказаць, што ў нас атрымалася не проста творчая выстава. Яна нясе адукацыйны пасыл. Выдатныя ілюстрацыі, якія адлюстроўваюць нестандартны мастацкі погляд кожнага дзіцяці, дазваляюць даведацца больш пра яркую і прыгожую птушку 2018 года - шчыгела. Выстава будзе доўжыцца два месяцы. Спадзяемся, яна падорыць вам добры настрой і новыя веды! Чакаем вас!”
Падчас адкрыцця выставы АПБ узнагародзіць пераможцаў і абвесціць птушку 2019 года. Нагадаем, што кандыдатамі на званне крылатага сімвалу наступнага года былі абраныя сівая жаўна, чайка-рыбачка і вялікі арлец.
Уваход на выставу свабодны.


Выставу можна наведаць з 31 кастрычніка па 31 снежня 2018 г.

г. Мінск, вул. К.Маркса, 12
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выхадных.
Тэлефоны для даведак: (017) 3270633; 2374694