Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Гісторыя музея

25 ліпеня 1983 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову № 242 аб стварэнні Рэспубліканскага музея прыроды і экалогіі Беларусі. 8 ліпеня 1991 быў выдадзены загад Міністэрства культуры Беларускай ССР за № 80 аб стварэнні ў г. Мінску Рэспубліканскага музея прыроды і экалогіі Беларусі на аснове сабраных калекцый навукова-прыродазнаўчага профілю Дзяржаўнага музея БССР. Адбылося вылучэнне аддзела прыроды Дзяржаўнага музея БССР у самастойную юрыдычную асобу - Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі Беларусі.

З лютага 1992 года Дзяржаўны музей прыроды Беларусі пачаў самастойную дзейнасць як структурная адзінка ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыйныя плошчы складалі 450 квадратных метраў. Пастаянна дзеючая экспазіцыя складалася з 6 залаў прысвечаных прыродзе Беларусі. Першым дырэктарам музея стаў Мікалай Васільевіч Сінькевіч. Змяніў яго на гэтай пасадзе Аляксей Мікалаевіч Іода, а ў 2013 годзе дырэктарам стаў Ігар Аляксандравіч Куракевіч.

Напрамак дзейнасці музея - навукова-даследчы і навукова-асветніцкі, збор, захаванне, інвентарызацыя і навуковае апісанне аб'ектаў прыроды. Мэтай музея стала захаванне і распаўсюджванне ведаў аб прыродзе Беларусі, ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальным прыродакарыстанні і экалогіі.

У пачатку дзейнасці фондавыя калекцыі музея налічвалі не больш за 20 тысяч адзінак захоўвання. Навуковы персанал быў 8 супрацоўнікаў, агульная колькасць супрацоўнікаў музея складала 16 чалавек, экскурсійнае абслугоўванне вялося па 6 тэмах, у першы год было прынята больш за 40000 наведвальнікаў.

1 верасня 2014 Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі Беларусі загадам № 100 Міністэрства культуры ператвораны ў філіял "Музей прыроды і экалогіі" Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

У цяперашні час філіял мае дзве выставачныя пляцоўкі - у будынку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, памяшканне на вул. М. Багдановіча 9а. Пяць пастаянных экспазіцыных залаў размешчана на вуліцы К. Маркса. У выставачнай зале па вул. М Багдановіча 9а экспазіцыі рэгулярна абнаўляюцца.